Мікола Якаўлевіч Аўрамчык
Міко́ла Я́каўлевіч Аўра́мчык (14 студзеня 1920, в. Плёсы, цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць — 8 мая 2017, Мінск) — беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык[1].
Біяграфія
З сялянскай сям’і. Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах[1]. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года трапіў у палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты[1]. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.
Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949)[1]. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1947). У 1953—1980 гадах рэдактар аддзелу паэзіі часопіса «Маладосць». Жыў у вёсцы Ступяні.
Меў трох дачок — Святлану, Ірыну, Наталлю.
Апошнія гады цяжка хварэў. Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску[2].
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1937[1] у бабруйскай газеце «Камуніст». На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала. Яго творчымі настаўнікамі былі Аркадзь Куляшоў і Кузьма Чорны, а сябрамі — Максім Танк і Пімен Панчанка[3].
Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990), зборніка вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 т. (1980). Аўтар кнігі «Знаёмыя постаці» (2004), прысвечанай беларускім дзеячам. Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля, Г. Эміна, І. Куратава, С. Ясеніна, Я. Смялякова, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В. Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М. Нагнібеды «Васілёк» (1961) і іншае[1].
У вершах М. Адамчыка адлюстраваны драматычны ваенны лёс паэта, жыццё ў фашысцкай няволі, шахцёрская праца, вучоба ва ўніверсітэце, уражанні ад паездак па краіне. Майстар сюжэтна-арганізаванага верша, канкрэтнай паэтычнай дэталі, лірычнага эцюда, замалёўкі[1].
Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у т. л. часопісе «Дзеяслоў».
Разам з Н. Гілевічам суаўтар самвыдатаўскай паэмы “Сказ пра Лысую гару, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.
Узнагароды
- Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
- Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».
- Заслужаны работнік культуры БССР (1980).
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- ↑ Памёр Мікола Аўрамчык. Развітанне — 10 мая (нявызн.) (недаступная спасылка). Саюз беларускіх пісьменнікаў lit-bel.org.dyskurs.be (8 траўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 17 чэрвеня 2017.
- ↑ Святочнае мерапрыемства «Сваёй дарогай запаветнай…», прымеркаванае да 95-годдзя з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка Архівавана 14 студзеня 2020. // Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, 22 студзеня 2015
Літаратура
- Аўрамчык Мікола (Мікалай Я́каўлевіч) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. С. 87
- Аўрамчык Мікола // Аўрамчык Мікола // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Мікола Аўрамчык // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т. 1. С. 134
Спасылкі
- Асабовая справа Міколы Аўрамчыка: да 100-годдзя паэта (нявызн.) (недаступная спасылка). Саюз беларускіх пісьменнікаў lit-bel.org.dyskurs.be (13 студзеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2020.
- Асабовая справа Міколы Аўрамчыка: да 100-годдзя паэта Архівавана 14 студзеня 2020. // «СБП» 13 студзеня 2020
- 10 фактаў пра паэта Міколу Аўрамчыка, які хадзіў у паліто Машэрава і саромеўся «Сказа пра Лысую гару» // svaboda.org 14 студзеня 2020